ПАПЕ́РА ФАТАГРАФІ́ЧНАЯ, фотапапера,

матэрыял, які складаецца з папяровай асновы і нанесенага на яе святлоадчувальнага слоя фатаграфічнай эмульсіі. Прызначана для атрымання фатагр. відарысаў, капіравання дакументаў, рэгістрацыі розных працэсаў (напр., асцылографная П.ф.) і інш.

Бывае: чорна-белая і каляровая; агульнага і тэхн. прызначэння; для аматарскай, прафесійнай і маст. фатаграфіі; праекцыйнага і кантактнага друку; гладкая і структурная. Паводле шчыльнасці асновы (масы адзінкі плошчы) падзяляецца на тонкую (да 135 г/м²), паўкардон (180 г/м²) і кардон (240 г/м²); паводле карыснага інтэрвалу экспазіцыі — мяккую, паўмяккую, нармальную, кантрастную і асабліва кантрастную; па колеры асновы — на белую і крэмавую і інш.

т. 12, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)